Як паведаміла каманда беларускіх журналістаў-расьсьледнікаў «Бюро» ў выніку вывучэньня тэндэрнай дакумэнтацыі кампаніі, арганізацыя набывае паслугу спадарожнікавай трансьляцыі тэлеканалу «Беларусь 24» і радыёстанцыі «Беларусь» пачынаючы з 2022 году.
Сярод пастаўнікоў паслуг — расейскія «Останкино Телеком» і «Спутниковое телевидение», а таксама Касьмічнае агенцтва Азэрбайджану «Azərkosmos» і беларускі Завод дакладнай электрамэханікі.
Згодна зь інфармацыяй «Бюро», Белтэлерадыёкампанія ў 2025 годзе ўжо аплаціла трансьляцыю сваёй прадукцыі на ўсёй тэрыторыі Расеі, у Цэнтральнай (поўнае пакрыцьцё) і Заходняй Азіі (з абавязковым пакрыцьцём Азэрбайджану, Армэніі і Грузіі), у Заходняй (поўнае пакрыцьцё), Усходняй, Паўночнай (з абавязковым поўным пакрыцьцём Вялікай Брытаніі, Ірляндыі, Латвіі, Літвы і Эстоніі) і Паўднёвай Эўропе (з абавязковым поўным пакрыцьцём Сэрбіі), у Паўднёвай Амэрыцы і Карыбскім басэйне (поўнае пакрыцьцё), у Паўночнай, Заходняй (поўнае пакрыцьцё), Усходняй (з абавязковым поўным або частковым пакрыцьцём Зымбабвэ) і Паўднёвай Афрыцы.
У 2025 годзе Белтэлерадыёкампанія ўжо падпісала кантракты больш чым на 2 мільёны беларускіх рублёў (прыблізна 550 тысяч эўра). Найбольш затратная трансьляцыя на тэрыторыі Расеі — амаль 700 тысяч рублёў. Вартасьць ахопу Эўропы і Азіі — сукупна амаль 780 тысяч рублёў, а Паўднёвай Амэрыкі, Карыбскага басэйну і Афрыкі — амаль 565 тысяч рублёў.
Згодна зь інфармацыяй сайту дзяржаўных закупаў, з 2022 па 2025 гады Белтэлерадыёкампанія ўжо выдаткавала на замежную трансьляцыю амаль 8 мільёнаў беларускіх рублёў (амаль 2,5 мільёна эўра). Гэтыя сродкі кампанія атрымлівае зь дзяржаўнага бюджэту.
Форум