Ва Ўкраіне дазволілі мець падвойнае грамадзянства. Што ад закону можна чакаць беларусам

Пасяджэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Архіўнае фота

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла праект закону, які дазваляе мець падвойнае грамадзянства. Ён набудзе юрыдычную моц пасьля таго, як яго падпіша прэзыдэнт.

Як паведамляюць дэпутаты, нормы закону будуць распаўсюджвацца на грамадзян Украіны, а таксама асобаў украінскага паходжаньня з тых краін, якія прызналі Расею краінай-агрэсаркай і ўвялі супраць яе санкцыі.

Праект закону вызначае выпадкі, пры якіх дазволяць падвойнае грамадзянства. У прыватнасьці, гаворыцца аб дзецях з украінскім грамадзянствам паводле нараджэньня і грамадзянствам іншай краіны, дзецях — грамадзянах Украіны, якія маюць яшчэ грамадзянства сваіх усынаўляльнікаў, а таксама грамадзянах Украіны, якія аўтаматычна атрымліваюць іншае грамадзянства ў выніку шлюбу.

Падвойнае грамадзянства дазволена асобам украінскага паходжаньня, якія маюць замежнае грамадзянства (напрыклад прадстаўнікам замежнай украінскай дыяспары).

У той жа час законапраект прадугледжвае, што ўрад краіны распрацуе пералік дзяржаваў, грамадзяне якіх могуць прэтэндаваць на атрыманьне ўкраінскага пашпарту ў спрошчаным парадку.

Ірына Герашчанка, дэпутатка Вярхоўнай рады Ўкраіны, фракцыя «Эўрапейская салідарнасьць»

Як адзначыла дэпутатка Вярхоўнай рады Ірына Герашчанка, ухвалены праект ініцыяваў Уладзімір Зяленскі, а пры яго рыхтаваньні ўнесьлі шмат зьменаў, у тым ліку абавязковы іспыт на веданьне Канстытуцыі Ўкраіны, гісторыі і ўкраінскай мовы.

«Разам з тым, у законапраекце няма наўпрост забароны на спрошчанае атрыманьне ўкраінскага грамадзянства для грамадзян Расеі. Крытэрыі краін, грамадзяне якіх маюць права на атрыманьне ўкраінскага грамадзянства, будзе вызначаць Кабінэт міністраў», — паведаміла Ірына Герашчанка.

У той жа час, паводле яе, законапраект «пашырае магчымасьці для атрыманьня грамадзянства Ўкраіны некаторымі катэгорыямі замежнікаў і асобаў без грамадзянства, якія праходзяць вайсковую службу на падставе кантрактаў з Узброенымі сіламі, Нацыянальнай гвардыяй і іншымі вайсковымі структурамі Ўкраіны».

Грамадзяне Беларусі, як вынікае з паведамленьняў дэпутатаў, асобна ня згадваюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ёсьць негалоснае распараджэньне не даваць замежнікам украінскае грамадзянства? Меркаваньні беларусаў Украіны

Якія абмежаваньні вызначылі для іншаземцаў

Законапраект прадугледжвае, што падвойнае грамадзянства ў выпадках афармленьня грамадзянства Ўкраіны не дазваляецца асобам, якія маюць грамадзянства дзяржавы, якую Вярхоўная Рада прызнала агрэсаркай, або дзяржавы, якая не прызнае тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт Украіны, або адмаўляецца прызнаваць супрацьпраўнасьць замахаў на тэрытарыяльную цэласнасьць, у тым ліку галасавала супраць адпаведных рэзалюцый ААН. Беларусь адпавядае апошнім двум крытэрам.

Але праект закону дапускае зварот па ўкраінскае грамадзянства паводле спрошчанай працэдуры замежнікам, якія на падставе кантракту служаць у войску, Нацыянальнай гвардыі і Дзяржаўнай спэцыяльнай службе транспарту або маюць дзяржаўныя ўзнагароды. Аднак яны павінны падаць дэклярацыю аб адмове ад замежнага грамадзянства і прызнаньні сябе толькі грамадзянінам Украіны.

Згодна з дакумэнтам, у грамадзянства Ўкраіны не прымаюць асобаў, асуджаных ва Ўкраіне і іншых дзяржавах за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы з улікам узроўню пагрозы для нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны, а таксама асобаў, якія нясуць пагрозу нацыянальным інтарэсам, нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Цяперашні закон ухвалены як адказ на дэмаграфічныя выклікі ў сфэры бясьпекі, а таксама на неабходнасьць аднаўленьня і захаваньня сувязяў з замежнымі ўкраінцамі.

Цяпер ва Ўкраіне няма адказнасьці за другое грамадзянства, але дзяржаўным службоўцам забаронена мець грамадзянства іншай краіны. Звычайныя ўкраінцы могуць не дэкляраваць наяўнасьць другога грамадзянства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выпрабаваньне на ўкраінскі патрыятызм. Украінскія байцы з Расеі і Беларусі гадамі ня могуць атрымаць новыя пашпарты ва Ўкраіне