Petitions.by прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». Ці пагражае крымінальная адказнасьць карыстальнікам?

Застаўка сайту petitions.by, 2016 год

18 чэрвеня 2025 году Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызнала праект Petitions.by «экстрэмісцкім фармаваньнем». Праз гэты праект з 2015 году беларусы падавалі звароты ў органы ўлады рознага ўзроўню і падпісваліся пад імі. Ці яны цяпер у небясьпецы?

Паводле юрысткі праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыі Рудзянковай, у Беларусі існуе рэальная рызыка, што падпісанты пэтыцый на Petitions.by могуць апынуцца пад пагрозай перасьледу паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні).

«Пры наяўнасьці палітычнай волі, улады могуць палічыць, што подпіс зьяўляецца „формай удзелу“ ў дзейнасьці фармаваньня. Ужо хапае выпадкаў, калі людзей прыцягвалі да адказнасьці за дзеяньні, якія адбыліся да прызнаньня ініцыятывы экстрэмісцкай — напрыклад, за падпіску, камэнтар або лайк», — цытуе яе «Вясна».

Рашэньне пра прызнаньне экстрэмісцкім фармаваньнем прымаюць МУС і КДБ. За стварэньне ці ўдзел у такім фармаваньні пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.

Пры канцы сьнежня 2024 году праект Petitions.by ужо быў унесены ў Беларусі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Разам з тым, мяркуючы па сайце, там працягвалі разьмяшчацца звароты ва ўладныя органы, і на іх прыходзілі адказы. Апошні апублікаваны адказ быў атрыманы 22 траўня.

Вясной 2021 году паведамлялася пра ўзлом плятформы і атрыманьне доступу да зьвестак 600 тысяч карыстальнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каманда Petitions.by патлумачыла, у чым прычына фэйкавай рассылкі і ці «зьліліся» зьвесткі карыстальнікаў

Акрамя Petitions.by, 18 чэрвеня МУС таксама дадало ў сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» праект Adu.place, а КДБ абнавіў сьпіс асоб, датычных да «экстрэмісцкага фармаваньня» «Честные люди».

Усяго ў сьпісе экстрэмісцкіх фармаваньняў цяпер 296 пазыцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі яшчэ больш як 30 рэсурсаў дадалі ў сьпіс экстрэмісцкіх. А колькі там усяго?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтаматам экстрэміст. 50 артыкулаў для ўключэньня ў сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў»