Кіраўнік кампаніі «Белавія» расказаў пра санкцыі, прыбыткі, палёты ў небясьпечную зону і новыя самалёты

Boeing 737-800 беларускай кампаніі «Белавія». Архіўнае фота

Генэральны дырэктар кампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец заявіў, што Беларусь, як і раней, нягледзячы на санкцыі, выкарыстоўвае для тэхнічнага абслугоўваньня самалётаў Boeing арыгінальныя запасныя часткі і абслугоўвае ня толькі свой авіяпарк.

«Сёньня галоўнае ведаць нашаму пасажыру, што гэтыя ўсе запасныя часткі арыгінальныя, яны не вырабляюцца тут у гаражы, на 3D-прынтэры, уручную або нейкім іншым чынам. Усё тое самае, што і было пяць гадоў таму, да ўсіх санкцыяў, мы выкарыстоўваем», — сказаў Ігар Чаргінец у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1».

Пра новыя самалёты Airbus

Кіраўнік кампаніі таксама пацьвердзіў, што неўзабаве Беларусь атрымае яшчэ два самалёты Airbus, адзін зь іх ужо праходзіць тэхнічную падрыхтоўку.

«Я мяркую, што недзе ў ліпені або ў сярэдзіне жніўня ён будзе гатовы, і тады, з гэтага моманту, мы адкрываем далёкамагістральны кірунак. Першы кірунак заплянаваны — гэта курорт, востраў Хайнань, Кітай», — удакладніў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У абыход санкцыяў. «Белавія» рыхтуецца лятаць на самалётах Airbus

Пра рэйсы ў Дубай

Ігар Чаргінец адзначыў, што «Белавія» працягвае рэйсы ў Дубай (ААЭ), нягледзячы на скасаваньне рэйсаў іншымі авіякампаніямі праз абвастрэньне сытуацыі на Блізкім Усходзе. У той жа час беларускія самалёты ня робяць рэйсаў у Іран і ў Ізраіль (у гэтую краіну не было рэйсаў і да абвастрэньня сытуацыі ў рэгіёне).

«Мы працягваем лётаць зь вялікім напружаньнем для нас. Бо, безумоўна, пралёт над Іранам закрыты, бліжэйшыя краіны таксама закрытыя, і вы вымушаныя павялічыць час, нашмат павялічаны палётны час, і ажыцьцяўляць пасадку ў Ташкенце на дазапраўку», — сказаў кіраўнік кампаніі.

Паводле яго, рэйсы цалкам запаўняюцца, але цана квіткоў для пасажыраў не зьмянілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Авіякампанія Flydubai падчас абвастрэньня паміж Ізраілем і Іранам скасавала рэйсы ў Менск

Аб прыбытках

Ігар Чаргінец падкрэсьліў, што кампанія пасьля 2020 году зноў пачала атрымліваць прыбыткі, але ад дзяржавы фінансавай дапамогі за ўвесь гэты час «Белавія» не атрымлівала — толькі дапамогу ў вырашэньні тэхнічных пытаньняў.

«Фінансава нам не дапамагалі, як іншым авіякампаніям, і, напэўна, правільна зрабілі. Нас трымаюць у тонусе, і таму ў нас усё выходзіць някепска», — адзначыў кіраўнік «Белавія».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку году на самалётах, якія ляталі з Расеі ў Менск, адбылося ня менш за 23 інцыдэнты, зьвязаныя зь бясьпекай палётаў