Ва ўкраінскай сталіцы загінулі 28 чалавек, 134 атрымалі раненьні. Ва ўсёй Украіне за содні загінулі сама меней 30 мірных жыхароў і больш як 200 пацярпелі.
Украінскія ўлады абвясьцілі 18 чэрвеня днём жалобы.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў расейскую атаку «чыстым тэрарызмам». Ён заклікаў увесь сьвет, ЗША і Эўропу «нарэшце адрэагаваць так, як цывілізаванае грамадзтва рэагуе на тэрарыстаў», падкрэсьліўшы, што Пуцін працягвае вайну, бо можа сабе гэта дазволіць.
Тым часам заплянаваная сустрэча Зяленскага з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам на саміце «Вялікай сямёркі» не адбылася, бо Трамп зьехаў раней, спаслаўшыся на абвастрэньне канфлікту паміж Ізраілем і Іранам.
Лідэры G7 таксама не прынялі сумеснай заявы наконт канфлікту ва Ўкраіне, і, паводле канадзкага службоўца, прычынай таму быў супраціў ЗША.
Зяленскі сустрэўся з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Кірам Стармэрам, які паабяцаў новыя санкцыі Брытаніі супраць Расеі.
Расея працягвае атакаваць Украіну. 18 чэрвеня амаль трыццаць удараў было па мірных паселішчах Данеччыны. Адзін чалавек загінуў, некалькі пацярпелі.
Масква не зважае на заклікі Кіева і Захаду да безумоўнага спыненьня агню, а Ўкраіна адмаўляецца ад расейскіх патрабаваньняў як ад «ультыматумаў».
Два раўнды перамоў у Стамбуле за апошні месяц не прынесьлі адчувальнага прагрэсу, акрамя абмену палоннымі і целамі загінулых. Трэці раўнд пакуль не заплянаваны.
Расея сьцьвярджае, што не атакуе мірных жыхароў, але ёсьць шмат доказаў адваротнага. Паводле ААН, пацьверджаная колькасьць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня перавышае 13 000 чалавек, а рэальная лічба, хутчэй за ўсё, яшчэ большая.
Форум