Адпаведная інфармацыя пра клюб, які тройчы быў чэмпіёнам Беларусі і столькі ж разоў здабываў кубак краіны, зьявілася ў Адзіным дзяржаўным рэестры зьвестак аб банкруцтве.
«Шахтар» быў заснаваны ў 1961 годзе, а праз год пачаў выступаць у першынстве Менскай вобласьці. У гэтым жа сэзоне гарнякі заваявалі першую ўзнагароду — кубак вобласьці. Неўзабаве «Шахтар» выйшаў на рэспубліканскі ўзровень. У найноўшы час салігорцы сталі адной з наймацнейшых камандаў Беларусі, неаднаразова прадстаўлялі Беларусь у міжнародных гульнях.
Адметна, што на сайце клюбу, які пакуль працуе, пазначана, што той быў чэмпіёнам краіны і ў 2022 годзе. Аднак тое званьне ў «жоўта-чорных» забралі рашэньнем фэдэрацыі, бо клюб быў удзельнікам махлярскай схемы з падтасоўваньнем вынікаў сустрэчаў і подкупам. Тады ўпершыню ў гісторыі Беларусі каманду пазбавілі залатых мэдалёў.
У 2024 годзе агучылі прысуды пасадовым асобам клюбу. Былому дырэктару Аляксандру Марчанку прысудзілі 6 гадоў калёніі, адказнаму за працу з заўзятарамі Яўгену Култаеву — 7 гадоў. Іх прызналі вінаватымі ў «крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі».
Футбольны клюб «Шахтар» дзейнічаў ад зарэгістраванай у сярэдзіне жніўня 2003 году юрыдычнай асобы. Яе зарэгістравалі ў форме закрытага акцыянэрнага таварыства. У канцы сакавіка 2025 году акцыянэры ЗАТ прынялі рашэньне «аб прызнаньні немэтазгодным далейшае правядзеньне захадаў у папярэджаньні неплацежаздольнасьці» і вырашылі падаць заяву аб банкруцтве.
Сваю дзель у футбольным клюбе мелі «Будаўнічы трэст № 3», «Беларуськалій» і «Машынабудаўнічая карпарацыя».
Як вынікае з матэрыялаў справы, «Шахтар» завінаваціўся сваім крэдыторам 16 млн рублёў. Патрабаваньні крэдытораў будуць прымаць да 18 жніўня.
Таксама ў сакавіку футбольны клюб расфармавалі. Стала вядома, што пасьля выбываньня з Найвышэйшай лігі ён не стартуе нават у Першай. Пазьней зьявілася інфармацыя, што ў Салігорску стварылі новую каманду для ўдзелу ў Другой лізе беларускага першынства.
Форум