Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Petitions.by прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». Ці пагражае крымінальная адказнасьць карыстальнікам?


Застаўка сайту petitions.by, 2016 год
Застаўка сайту petitions.by, 2016 год

18 чэрвеня 2025 году Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызнала праект Petitions.by «экстрэмісцкім фармаваньнем». Праз гэты праект з 2015 году беларусы падавалі звароты ў органы ўлады рознага ўзроўню і падпісваліся пад імі. Ці яны цяпер у небясьпецы?

Паводле юрысткі праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыі Рудзянковай, у Беларусі існуе рэальная рызыка, што падпісанты пэтыцый на Petitions.by могуць апынуцца пад пагрозай перасьледу паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні).

«Пры наяўнасьці палітычнай волі, улады могуць палічыць, што подпіс зьяўляецца „формай удзелу“ ў дзейнасьці фармаваньня. Ужо хапае выпадкаў, калі людзей прыцягвалі да адказнасьці за дзеяньні, якія адбыліся да прызнаньня ініцыятывы экстрэмісцкай — напрыклад, за падпіску, камэнтар або лайк», — цытуе яе «Вясна».

Рашэньне пра прызнаньне экстрэмісцкім фармаваньнем прымаюць МУС і КДБ. За стварэньне ці ўдзел у такім фармаваньні пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.

Пры канцы сьнежня 2024 году праект Petitions.by ужо быў унесены ў Беларусі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Разам з тым, мяркуючы па сайце, там працягвалі разьмяшчацца звароты ва ўладныя органы, і на іх прыходзілі адказы. Апошні апублікаваны адказ быў атрыманы 22 траўня.

Вясной 2021 году паведамлялася пра ўзлом плятформы і атрыманьне доступу да зьвестак 600 тысяч карыстальнікаў.

Акрамя Petitions.by, 18 чэрвеня МУС таксама дадало ў сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» праект Adu.place, а КДБ абнавіў сьпіс асоб, датычных да «экстрэмісцкага фармаваньня» «Честные люди».

Усяго ў сьпісе экстрэмісцкіх фармаваньняў цяпер 296 пазыцый.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG