Хоць ізраільскія лідэры пра гэта выразна не заяўлялі, але іх рыторыка, а таксама маштаб вайсковай апэрацыі наводзяць на думку, што падзеньне рэжыму ў Тэгеране можа быць калі не асноўнай, то ўскоснай мэтай, піша журналіст Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (РСЭ/РС) Кіян Шарыфі.
Але гэта рызыкоўная гульня, засьцерагаюць крытыкі. Такая стратэгія можа прывесьці да яшчэ большай эскаляцыі ў рэгіёне, непрадбачаных наступстваў у палітыцы і ўзмацненьня жорсткасьці іранскага рэжыму, кажуць яны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль атакаваў ядзерныя аб’екты і ракетныя базы Ірану. Загінулі генэралы і навукоўцы, зьвязаныя з праграмай узбагачэньня ўрануПрыхільнікі такога сцэнару, наадварот, мяркуюць, што вайсковы ўдар можа стаць апошнім штуршком для аслабленай санкцыямі, ізаляцыяй і ўнутранай незадаволенасьцю ісламскай рэспублікі.
Зрэшты, раней рэжым у Іране не даваў нагодаў сумнявацца ў сваёй рашучасьці бараніць уладу любым коштам. У 2022 годзе ў краіне ўспыхнулі пратэсты пасьля сьмерці арыштаванай за «неналежнае нашэньне хіджаба» 22-гадовай Махсы Аміні. Улады жорстка іх задушылі — больш за 550 пратэстоўцаў былі забітыя і больш за 20 тысяч арыштаваныя, паведамілі праваабарончыя арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вашынгтон прыме рашэньне наконт Ірану цягам двух тыдняўІ хоць цяпер некаторыя лічаць, што іранская апазыцыя магла б скарыстацца вонкавым вайсковым ціскам для зьмены ўлады, нават праціўнікі рэжыму схіляюцца да думкі, што адных авіяўдараў недастаткова.
«Мы шмат кажам пра зьмену рэжыму, але не зрабілі таго, што трэба, каб пашырыць камунікацыі, стварыць фонд дапамогі, каб іранская апазыцыя магла змагла ўздыхнуць на поўныя грудзі, каб магла арганізавацца і мабілізавацца супраць рэжыму», — заявіў Ілан Бэрман, старшы віцэ-прэзыдэнт Амэрыканскай рады зьнешняй палітыкі і сябра рады РСЭ/РС.
Бяз гэтай працы, папярэджваюць крытыкі, вайсковая інтэрвэнцыя можа даць адваротны эфэкт — умацаваць прыхільнікаў жорсткай лініі і выклікаць непрыязнасьць звычайных іранцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ: з пачатку абстрэлаў у Іране пашкоджаныя прынамсі чатыры ядзерныя аб’ектыШмат хто ў Іране падкрэсьлівае, што ісламская рэспубліка і народ — не адно і тое ж.
«Гэта вайна не паміж Ізраілем і Іранам, а паміж Ізраілем і ісламскай рэспублікай. Іранцы доўгія гады чакаюць зьмены рэжыму, і ўрэшце з дваіх застанецца толькі адзін», — сказаў Хамэд Шайбані-Рад, высокапастаўлены сябра замежнай праманархічнай партыі Iran Novin.
«Людзі выдатна разумеюць, што магчымасьць, якую дае ім Ізраіль, можа не паўтарыцца», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп паўтарыў патрабаваньне пра поўную капітуляцыю ІрануАпанэнты ж папярэджваюць, што замежнае ўварваньне, асабліва з ахвярамі сярод мірнага насельніцтва і зьнішчэньнем жыцьцёва важнай інфраструктуры можа, наадварот, выбіць глебу з-пад ног праціўнікаў рэжыму.
«Крытыка ісламскай рэспублікі — гэта ўнутранае пытаньне. Народ Ірану ўсё ведае сам і ня мае патрэбы ў замежным апекуне, асабліва такім, як Нэтаньягу», — заявіў ваенны аналітык з ЗША Хасэйн Арыян у інтэрвію Радыё Фарда, іранскай службе РСЭ/РС.
Зь ягонага гледзішча, ізраільскія ракеты зьнішчаюць уласнасьць «іранскага народу», якую ісламская рэспубліка толькі «арандуе».
І хоць іранцы ўсё менш падтрымліваюць кіраўнікоў ісламскай рэспублікі, паказваюць нізкую яўку на выбарах і выходзяць на пратэсты, большасьць аналітыкаў згодныя з тым, што ўстойлівыя зьмены могуць адбыцца толькі знутры краіны.
Вайсковы ціск з-за мяжы можа паўплываць на тэмп або характар гэтых зьменаў, але ці можа ён іх распачаць — вялікае пытаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль атакаваў неактыўны ядзерны рэактар; Іран ударыў па ізраільскім шпіталі